ПАЛЕ́СКІЯ ЧЫГУ́НКІ,
назва ў 1882—1921 сеткі чыг. ліній, якія звязвалі паўд. раёны Беларусі з Украінай, Літвой і цэнтр. раёнамі Расіі. Пабудаваны казной паводле ўказа цара Аляксандра III. Мелі вял. стратэг. і гасп. значэнне. Агульная іх даўжыня на Беларусі 1005 вёрст (на 1.1.1910). Падзяляліся на ўчасткі: Жабінка—Пінск, Вільня—Лунінец—Пінск, Лунінец—Роўна, Лунінец—Гомель, Баранавічы—Беласток, Гомель—Бранск. Гал. грузы —лясныя. Капіталаўкладанні на 1.1.1913 склалі 140,1 млн. руб., колькасць абслуговага персаналу 16,1 тыс. чал., паравозаў 419, вагонаў 510 пасажырскіх і 9127 таварных. Гал. майстэрні ў Пінску. Найб. чыг. станцыі: Гомель, Лунінец, Пінск, Баранавічы, Беласток. У 1880-я г. Пецярбургскі (паводле інш. звестак Маскоўскі) манетны двор адчаканіў медаль «У памяць будаўніцтва Палескіх чыгунак. З 1883 па 1887 год». Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 нацыяналізаваны і падпарадкаваны Наркамату шляхоў зносін РСФСР. У 1919 усх. участкі П.ч. былі ўключаны ў Зах. чыгункі, у 1921—39 зах. лініі П.ч. уваходзілі ў склад Польшчы.
т. 11, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)